Другое дыханне “Астраўчанкі”

Пасля кароткага зацішша ўдзельніцы фальклёрнай групы “Астраўчанка” зноў заявілі пра сябе. Дзякуючы арганізатарам раённага фестывалю-конкурсу народнай песні і танца “Святочны карагод” дзяўчаты ўстановы аховы здароўя “Астравецкая цэнтральная раённая бальніца” скарысталі магчымасць паказаць сваё майстэрства. Яны змаглі не толькі аднавіць свой рэпертуар, але і развучыць некалькі новых твораў. Неабходна зазначыць, што ў перыяд падрыхтоўкі да выступлення, у калектыў прыйшлі новыя аматары народнай песні. Сярод іх загадчыца раённай паліклінікі Сухенка Наталля Уладзіміраўна, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Мажэйка Дзіна Аляксандраўна і супрацоўніца кадравай службы Пратаковіч Юлія Анатольеўна.

І загучала народная песня зноў. Усе, хто праходзіў побач з пакоем у якім праходзілі рэпетыцыі, прыпыняліся і слухалі народныя песні ў выкананні медыцынскіх работнікаў. Па тварах маладых і больш сталага ўзросту жанчын было відаць як яны атрымлівалі асалоду ад пачутых, напалову забытых матчыных песен. Здавалася, што песні ў выкананні “Астраўчанкі” вярталі іх ў тыя далёкія гады, гады дзяцінства і напаміналі песні матуль. Акапэльнае выкананне песен не такое ж і простае, як здаецца на першы погляд. А каб кожная песня ў выкананні фальклёрнага калектыву не толькі гучала, а і закранула душу слухачоў і запомнілася на доўга – вялікая заслуга мастацкага кіраўніка калектыву Анастасіі Ляховіч.

 

І вось надыйшоў час раённага фестывалю-конкурсу. На ўпрыгожаную сцэну, зладжаную пад адкрытым небам у аграгарадку Гервяты, падымаліся адзін за адным працоўныя калектывы. Загучала ва ўсю сваю моц народная песня. Лёгкі ветрык падхапляў яе і нёс далей. Маўляў - слухайце людзі і радуйцеся, народная песня жыве і будзе жыць надалей. А песня “Ой сівы конь бяжыць”, у выкананні калектыва медыцынскіх работнікаў Астравецкай бальніцы , прымусіла прабегчы “мурашкам” па скуры ў многіх гледачоў ад мастацкага выканання твора. У выкананні трыо ў складзе Дануты Субаткевіч, Анны Юруш і Чэславы Песляк прагучала песня “Месяц дагарае”. Гледачы не скупіліся на шчырыя апладысменты ў адрас выканаўцаў народных песен. Кампетэнтнае журы ў сваю чаргу дало высокую аддзнаку выступленню аматарскага калектыва, узнагародзіўшы дыпломам другой ступені у намінацыі “вакальны дуэт, трыо” і граматай за трэцяе месца сярод вакальных калектываў. Брава дзяўчаты!

Другое дыханне, якое адкрылася ў аматарскага калектыва, гэта добры знак на тое, што народная песня жыве і будзе з любоўю перадавацца з пакалення ў пакаленне. У добры шлях “Астраўчанка”!