Традыцыйнае мерапрыемства "Прысвячэнне ў прафесію – 2010" прайшло ў цэнтральнай раённай бальніцы 22 кастрычніка.
20 маладых спецыялістаў прыехалі сёлета на працу ў Астравецкі раён. Прычым, шэрагі медыкаў папоўніліся не толькі ў гарадскім пасёлку, а і ў сельскіх медыцынскіх установах.
Адкрылася ўрачыстасць прадстаўленнем новых спецыялістаў. Арганізатары знайшлі магчымасць папярэдне пагутарыць з кожным і аб кожным скласці невялікі аповяд: захапленні, таленты і, нават, сямейнае становішча. Затым маладых урачоў павіншавала кіраўніцтва бальніцы, прафсаюзны камітэт. Ад імя “мэтраў” медыцыны да маладога папаўнення звярнулася Ванда Міхайлаўна Аўлас, якая любімай справе аддала не адзін дзесятак гадоў свайго жыцця. Кульмінацыя ўрачыстасці – клятва на вернасць абранай прафесіі.
Не абышлося ў гэты дзень і без падарункаў. Адзін з іх маладыя спецыялісты атрымалі, так сказаць, авансам – прафсаюзны камітэт ЦРБ “праспансіраваў” наведванне канцэрта Алесі.
Раённая кніга “Памяць”, якую ўручылі кожнаму, стала своеасаблівым пуцевадзіцелем перад экскурсіяй па Астравеччыне, якую ўдалося арганізаваць дзякуючы РК БРСМ. Урачы сталі першымі, пасля адкрыцця, наведвальнікамі музея Казіміра Сваяка ў Баранях. Аб слынным земляку натхнённа і змястоўна распавяла гасцям Іаланта Валуевіч. А калі маладыя медыкі прыехалі ў Клюшчанскі касцёл і размова аб святару і літаратару працягнулася, сярод хмар, дажду і мокрага снегу, нечакана прабіўся сонечны праменьчык і, скрозь аконную шыбу над алтаром, асвяціў прысутных.
“Добры знак!”, -- захоплена ўздыхнуў нехта.